Беларусь вачыма кайзераўскіх салдат: у Віцебску адкрылася выстава паштовак Першай сусветнай вайны
“Першая сусветная. Погляд праз стагоддзе” — выстава з такой назвай адкрылася ў Віцебску ў музеі Міная Шмырова. Экспазіцыя прысвечаная маляваным паштоўкам, якія дасылалі з тэрыторыі Беларусі салдаты кайзераўскіх войскаў у 1915-1917 гадах.
Восенню 1915 года расійска-германскі фронт у Беларусі стабілізаваўся па лініі возера Дрысвяты — возера Нарач — Смаргонь — Пінск і заставаўся практычна нязменным два гады. Пад час працяглай пазіцыйнай вайны нямецкія салдаты дасылалі дадому паштоўкі з мясцовымі краявідамі, каб родныя ведалі — дзе яны ваююць.
На выставе “Першая сусветная. Погляд праз стагоддзе” прадстаўленыя паштоўкі з прыватнай калекцыі мінчаніна Уладзіміра Багданава. На васьмі стэндах размясілася каля сотні малюнкаў пачатку XX стагоддзя з краявідамі (часам ужо зніклымі) вёсак і гарадоў Беларусі, а таксама замалёўкамі побыту беларускіх сялян.
Частка паштовак выкананая прафесійнымі мастакамі і растыражаваная ў друкарні, напрыклад — працы Германа Штрука, у якога паспеў павучыцца Марк Шагал. Іншыя ўяўляюць сабой унікальныя рэчы, намалёваныя непасрэдна на паштовай картцы, у экспазіцыі гэта чатыры акварэлі унтэр-афіцэра з пад Смаргоні і два малюнкі зробленыя нямецкім салдатам пад Баранавічамі ў 35-градусны мароз.
Цяперашняя Віцебская вобласць на малюнках прадстаўленая не дужа багата: вёска Задзеўе пад Паставамі, хутар Лявонішкі і вёска Германоўшчына ў Браслаўскім раёне. Цікава, што на малюнку з Германоўшчыны, на думку калекцыянера, бачны касцёл святой Тройцы, які знаходзіцца ў Тверэчусе (Літва).
Усяго ў калекцыі Уладзіміра Багданава па яго падліках больш за 250 малюнкаў фармату паштовай карткі, якія былі зробленыя германскімі салдатамі ў Беларусі пад час Першай сусветнай вайны.