Памёр віцебскі краязнаўца Алег Куржалаў

Пайшоў з жыцця Алег Васільевіч Куржалаў, адзін са стваральнікаў сучаснай сістэмы школьнага краязнаўства на Віцебшчыне.
Алег Васільевіч Куржалаў. Фото Таццяны Мацьвеевай

Алег Васільевіч нарадзіўся ў кастрычніку 1953 годзе. Вучыўся ў віцебскай СШ №29, у 1975 годзе скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У 1978-1984 гадах працаваў адказным сакратаром віцебскай арганізацыі Беларускага таварыства аховы помнікаў. Актыўна выступаў супраць знішчэння гістарычнай забудовы на вуліцы Леніна, старой аптэкі на плошчы Свабоды. У 1984 годзе ўпарта адстойваў будынак Пакроўскай царквы, ужо падрыхтаваны да разбурэння, за што быў звольнены з працы.

Актыўны ўдзельнік віцебскага гісторыка-культурнага таварыства “Узгор’е”.

У 1995-2011 гадах працаваў загадчыкам аддзела беларусазнаўства і краязнаўства у абласным аб’яднанні па арганізацыі пазашкольнай работы. Здолеў адшукаць і арганізаваць для сумеснай стваральнай працы педагогаў-краязнаўцаў практычна ва ўсіх куточках Віцебскай вобласці. Ладзіў семінары, творчыя конкурсы, краязнаўчыя вандроўкі. Дапамагаў у стварэнні і развіцці школьных музеяў, дапамагаў вызначыцца з найбольш выйгрышнай стратэгіяй працы краязнаўчых клубаў, гурткоў і асобных юных даследчыкаў лакальнай гісторыі. Ініцыяваў і часта ўласнаручна рэдагаваў першыя краязнаўчыя дапаможнікі, якія зараз выкарыстоўваюцца ў школах.

Нястомна, не шкадуючы высілкаў, працаваў для таго, каб жыхары Віцебшчыны ведалі свае радаводы, лёс сваіх вуліц, вёсак, мястэчак і гарадоў. Сваю праўдзівую гісторыю.

Развітанне з Алегам Васільевічам Куржалавым адбудзецца 26 ліпеня ў 12:15 у рытуальнай зале “Ціхая абіцель” (вуліца Петруся Броўкі, 50).

Меткі: , , , , ,

Чытайце яшчэ