Аднаўленне касцёла святога Антонія ў Віцебску: усё, што вы хацелі ведаць, але баяліся спытаць

Міністэрства культуры Беларусі дало станоўчы водгук на эскізную прапанову па аднаўленню касцёла святога Антонія Падуанскага ў Віцебску. Як удалося зрабіць першы крок і што будзе далей?
Рэнадар праектуемага касцёла святога Антонія ў Віцебску

Каб даведацца, на якой стадыі знаходзіцца рэканструкцыя, а таксама знайсці адказы на пытанні, што найбольш хвалююць віцяблян у сувязі з перспектывай пачатка работ, мы звярнуліся да настаяцеля сучаснага касцёла святога Антонія Падуанскага айца Вячаслава Барка.

Вячаслаў Барок. Кансэкрацыя касцёла святога Антонія Падуанскага. Фота Сержука Серабро

На што ўжо атрыманая згода ад уладаў?

Якім быў касцёл, зараз можна паглядзець не толькі на старых фотаздымках. Выгляд будынка і яго месца на плане горада ёсць у дакуменце, які мае назву “Эскізная прапанова па аднаўленню касцёла святога Антонія”. Падрыхтаваў яго архітэктар Ігар Радзько, вядомы ў горадзе як спецыяліст, што працаваў над рэканструкцыяй многіх гістарычных будынкаў цэнтра. Сярод іх, напрыклад, Уваскрасенская царква і Свята-Успенскі сабор.

Касцёл святога Антонія Падуанскага ў Віцебску да разбурэння

Эскізная прапанова павінна быць узгоднена з Міністэрствам культуры. Адтуль нядаўна было атрыманае заключэнне, дзе сказана аб неабходнасці правесці дадатковыя навуковыя даследванні, падрыхтаваць (выканаўшы шэраг умоў) праектныя рашэнні па аб’екту і вынікі працы прадставіць Міністэрству культуры для разгляду. Іншымі словамі, парафіяй атрыманы афіцыйны дазвол на выкананне навукова-даследчых і праектных работ.

Касцёл святога Антонія Падуанскага ў ансамблі Рынкавай Плошчы Віцебска. Гравюра з фота Зыгмунта Юркоўскага, сярэдзіна XIX стагоддзя

– Цяпер мы павінны ўзгадніць дазвол, які нам дало Міністэрства, з гарадскімі уладамі, – гаворыць айцец Вячаслаў. – Афіцыйным замоўцам работ будзе парафія святога Антонія, але вельмі цесна будзем супрацоўнічаць з экспертамі, я не зраблю лішняга кроку без іх рэкамендацый. У першую чаргу я разлічваю на дапамогу архітэктара Яўгена Калбовіча, чалавека вельмі дасведчанага, і навуковага кіраўніка праекта Ігара Радзько.

Як зменіцца вуліца Леніна пасля рэканструкцыі храма?

На планах “Эскізнай прапановы” бачна, што будынак касцёла плануюць крыху пасунуць. Роўна настолькі, каб захаваць прывычную шырыню праезджай часткі вуліцы Леніна. Так ён быў адлюстраваны на плане цэнтра горада, распрацаваным у 2015 годзе. Тады Міністэрства культуры прыняло рашэнне, што не будзе супраць рэканструкцыі будынка са змяшчэннем па восі фундамента. Але нельга казаць, што ў гэтым пытанні ўсе кропкі над “і” ўжо расстаўлены.

Касцёл святога Антонія на генеральным плане

– Наша парафія стараецца супрацоўнічаць з усімі, – запэўнівае айцец Вячаслаў Барок. – Перадусім, вядома, думкі спецыялістаў – архітэктараў і рэстаўратараў. Але і меркаванні грамадскасці для таксама вельмі важныя, цешыць зацікаўленасць людзей гэтым пытаннем. Аднак канчатковае рашэнне, дзе будзе аднаўляцца касцёл – на старым месцы, або са змяшчэннем – прыме ўсё-такі Міністэрства культуры.

На рашэнне ў першую чаргу будуць уплываць вынікі даследаванняў. Археолагі мусяць адказаць на пытанне — дзе дакладна размяшчаўся фундамент будынка, бо тыя чарцяжы, што ёсць зараз, папярэднія, у іх не выключаны памылкі і недакладнасці. Галоўным фактарам будзе тое, наколькі фундамент касцёла абмяжоўвае рух па вуліцы Леніна.

Касцёл святога Антонія Падуанскага ў ансамблі Рынкавай Плошчы Віцебска. Паштоўка пачатку XX стагоддзя

Айцец Вячаслаў добра знаёмы з “Рыжскай хартыяй аб аўтэнтычнасці і гістарычнай рэканструкцыі ў адносінах да культурнай спадчыны”, згодны з аргументамі старшыні Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча, аднак адзначае:

– Усё ж, калі на нейкім этапе акажацца, што немагчыма пабудаваць касцёл на старым месцы, і паўстане прынцыповае пытанне адбудоўваць ці не, я лічу, трэба будзе пагадзіцца на рэканструкцыю са змяшчэннем. З усёй павагай да шаноўных экспертаў, мы будзем згаджацца на такі менш прыемны ў тым ліку і для нас варыянт. Ці ёсць у ім сэнс? Я лічу, ёсць. Захаваецца аб’ём будынка, паўстане заключны элемент плошчы ў цэнтры Віцебска, які ад самага пачатку быў па задуме архітэктара галоўнай дамінантай. Часам мы павінны чымсьці паступіцца.

Касцёл святога Антонія Падуанскага ў ансамблі Рынкавай Плошчы Віцебска. Фота невядомага нямецкага салдата, 1941 год

У тым выпадку, калі касцёл не зможа заняць сваё старое месца, будзе прадугледжаная магчымасць экспанаваць старыя падмуркі. Такое патрабаванне ўжо агучана Міністэрствам культуры.

А давайце лепш пабудуем паліклініку?

Так, на аднаўленне храма сапраўды спатрэбіцца немалая сума грошай. Яна ўзрасце ў тым выпадку, калі касцёл паўстане на сваім гістарычным месцы. Дарэчы, парафія павінна будзе ўзяць на сябе таксама расходы па перамяшчэнню фантана “Тры ракі”. Але якімі бы вялікімі не былі выдаткі, бюджэт горада і краіны не будзе мець да іх ніякага дачынення.

Касцёл святога Антонія Падуанскага ў ансамблі Рынкавай Плошчы Віцебска. Фота невядомага нямецкага салдата, 1941 год

– Як грамадзянін Беларусі, я за тое, каб будавалі школы і паліклінікі, – адзначае айцец Вячаслаў. – Але будаўніцтва храма ніяк гэтаму не шкодзіць. У сучаснай Беларусі касцёлы не будуюць за бюджэтны кошт. Толькі за добраахвотныя ахвяраванні вернікаў. Мне цяжка казаць за іншыя канфесіі, але каталіцкі касцёл дакладна не мае дапамогі з бюджэту. Таму мы ніяк не паўплываем на рэалізацыю сацыяльных праграм. А прыкладаў таго, як вернікі самі адрадзілі свае храмы, у Віцебскай вобласці ўжо ёсць нямала.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ