Віцебскі біскуп Алег Буткевіч віншуе вернікаў з Калядамі

Віншаванне са святам Божага Нараджэння ад біскупа Віцебскай дыяцэзіі каталіцкага касцёла Алега Буткевіча.
Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Серабро

“Новая радасць стала, што яшчэ не бывала. Над Бэтлеемам зорка ясна свету заззяла”.

Менавіта так, як штосьці даўняе, заўсёды новае, жывое і непаўторнае ўспрымае хрысціянскі свет праўду пра Божае нараджэнне. Так, Бог сыходзіць у гэты свет, сыходзіць каб спадарожнічаць чалавеку, каб побач, умацоўваць, аздараўляць, навучаць і весці шляхам да вечнага жыцця. У гэта трэба толькі паверыць.

І менавіта таму зноў запальваюцца калядныя ялінкі, зноў гучаць радасныя спевы і рыхтуюцца падарункі. І гэта вельмі важна, бо свята Божага нараджэння можам па-сапраўднаму перажыць тады, калі паяднаемся з нашымі бліжнімі, калі папросім прабачэння за ўсе крыўды і прабачым тым, хто нас пакрыўдзіў. Так як гэта чыніць з намі Бог у сваім Сыне.

Ён адорвае нас любоўю, бо прымае нас такімі, якія мы ёсць. Не памятае, не згаджаецца на зло, але ніколі не перакрэслівае чалавека. Хрыстос нараджаецца ў стайні. Гэтым хоча падкрэсліць, што не цураецца ніякай жыццёвай сітуацыі чалавека, у якую б мы не патрапілі. Ён прыйшоў, каб яе змяніць. І тое людское сэрца, якое можа быць падобнае да той стайні, да таго хлеву перамяніць у палац, у святыню свайго Духа, сваёй велічы. І менавіта таму мы гатовыя паверыць у гэтую збаўчую Божую моц, у тое, што ён можа змяніць жыццё чалавека. Так, як гэтую моц адчула на сабе Найсвяцейшая Дзева Марыя, тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае ёй Панам. І праз гэта сталася шчаслівай.

Вядома, ніхто з нас без нашага ўдзелу не зменіць нашага жыцця. Але ў гэтым мы патрабуем святла, патрабуем Божай моцы, крыніцай якой з’яўляецца ўцелаўлёнае Божае Слова. Таму хачу пажадаць усім вам, кожнаму з нас, каб святло Бэтлеемскай зоркі, якое прывяло да стайні Езуса Хрыста трох мудрацоў з Усходу, звыклых пастушкоў, што пасвілі свой статак, і нас. Яно нам паказала шлях да Божай мудрасці. А прынятая ўсім сэрцам, яна дапамагла нам жыць у згодзе, радасці і супакоі.

Моцная вера, непахісная надзея і трывалая любоў няхай паселяцца ў кожным вашым сэрцы, у кожным вашым доме. Так, як гэта калісьці сталася ў звычайнай сціплай бэтлеемскай стайні.

Са святам вас. Усяго самага найлепшага.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ