Субота з “Навукай па-за сабой”. Фінальная сустрэча адукацыйнага сезона

З віцебска-мінскім праектам “Навука па-за сабой” мы ўжо знаёмыя: у гэтым годзе камандай праведзены тры цыклы лекцый па разнапланавых тэмах. З мэтай падвесці вынікі натхняюча, YMCA Віцебск і Моладзевы адукацыйны цэнтр “Фіальта” арганізавалі паўнавартасны навуковы марафон, што адбыўся 19 траўня на базе Віцебскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі. Каб надаць удзельнікам дадатковую матывацыю застацца да канца, пасля кожнай лекцыі разыгрывалі эка-торбы і бясплатны запіс у ВНТБ.
Віталь Квяткоўскі. Courtesy Photo

Пачалі з найбольш папулярнай тэмы: псіхалогія. “Як псіхіятр я лічу, што эмоцыямі мусіць вучыцца кіраваць з падлеткавага ўзросту,— кажа лектар Яўген Геншафт,— а да гэтага патрэбная праца з бацькамі. Звычайна звяртаюць увагу, калі ўжо штосьці не так”. Наведвальнікі нават атрымалі магчымасць караценькай кансультацыі па пытаннях, якія цікавяць.

Госці мерапрыемства. Courtesy Photo

Наступны блок адкрыў Павел Лабацэвіч, аспірант і выкладчык у БДУ. Спецыялізацыя Паўла — оптыка, таму тэмай лекцыі былі абраныя лазеры, іх сучаснае выкарыстанне. Пачалі са школьнай фізікі — закончылі размовамі пра карпускулярную тэорыю і рэзанатары, але, канешне, простай і разумелай для рознаўзроставай аўдыторыі мовай. Таксама Павел крыху распавёў пра свой праект у Instagram (@young_phys), у якім ён тлумачыць навуковыя факты і тэорыі праз малюнкі. Праект вядзецца на трох мовах, таму знайшоў аўдыторыю нават за межамі СНД.

Лекцыя ЛабацэвічаГосці мерапрыемства. Courtesy Photo

Фёдар Трухачоў, дацэнт Беларуска-Расійскага ўніверсітэту, працягнуў тэму фізікі, разабраўшы са слухачамі памылкі ў сцэнах з вядомых фільмаў. “Адысея 2000”, “Пункт прызначэння”, “Інтэрстэлар” — ўсе разам заўважылі шмат нестыковак. Цяжка фізіку глядзець кіно, але і з фізікам не лягчэй!

Следам Віталь Квяткоўскі распавёў пра міфы вакол праграмістаў і іх дзейнасці. Гендарны перакос? Талмуды тэорыі і вялізныя формулы? “Хаця ў IT-атачэнні такія стэрэатыпы ўжо не існуюць, час ад часу прыходзіцца сутыкацца, – кажа лектар”.

Прэзентацыя Астраклуба. Courtesy Photo

І на завяршэнне праграмы слухачы былі запрошаныя да цікавай размовы з віцебскім Астраклубам. Павел Палшкоў і Уладзімер Голубеў распавялі пра навіны з міру астраноміі і касманаўтыкі, адказалі на пытанні і, напэўна, прабудзілі ў кагосьці яскравы інтарэс.

Каманда праекта. Courtesy Photo

Калі мы натхнілі вас на тое, каб бавіць час цікава і карысна, раім сачыць за анонсамі “Навукі па-за сабой” у новым навучальным сезоне! Уласныя прапановы лектараў і тэмаў таксама вітаюцца. Да сустрэчы летам!

Чытайце яшчэ