“Трэба рабіць, а не размаўляць!” — “Добрая нагода” закрывае сезон

З лістапада мінулага году актыўныя жыхары горада кожны першы чацвер месяца сустракаліся ў арт-пабе “Торвальд” на пляцоўцы для камунікацыі “Добрая нагода”. За гэты час пляцоўка стала месцам сустрэч і абмеркаванняў праектаў і ініцыятыў, дзе людзі знаходзілі дапамогу і натхненне для новых ідэй.
“Трэба рабіць, а не размаўляць!” — “Добрая нагода” закрывае сезон. Фота Кацярыны Валасач

У мінулы чацвер арганізатары праекта запрасілі гасцей апошні раз у гэтым сезоне, каб падвесці вынікі, абмеркаваць, што было зроблена і падзяліцца планамі на лета. Сярод спікераў – Вольга Бізікава, арганізатар праекта і дырэктар установы “Віцебск для мяне”, Яўгенія Пачэпка, менеджар Рэгіянальнага рэсурснага цэнтра і Уладзімір Булаўскі, які выступаў мадэратарам размовы.

Даволі шмат праектаў ужо былі рэалізаваныя цягам году: напрыклад, гарадскі экскурсавод у ліхтарах – “Дзядзя Віця”, некаторыя – яшчэ ў працэсе падрыхтоўкі, як вялікі гарадскі фэст “Картонка”.

Пра яе больш падрабязна распавёў Уладзімер Булаўскі: “Фестываль “Картонка” быў прыдуманы двума выпускнікамі адукацыйнага курса “Віцебскі арнамент” – Настассяй Дагіль і Сашам Канашонкам, якія зараз вычацца на 4-м курсе худграфа. Фестываль стане іх выпускным праектам. У іх атрымалася пазнаёміцца з новым, маладым і ініцыятыўным дырэктарам карданажнай фабрыкі, які і дазволіў зладзіць такое свята на прасторы ў 1500 квадратаў. Адметнасць фэсту – гэтага менавіта яго лакацыя. Мы хочам звярнуць увагу на прамысловыя зоны, што яны таксама могуць быць прыгожымі, цікавымі, прыдатнымі для творчасці і мастацтва. Пакуль што на “Картонцы” плануецца шэсць тэматычных зон: фуд-корты (alcohol free), маркет, дзіцячая зона, адукацыйная прастора.

Ужо зараз можам назваць некалькі будучых лектараў, што наведаюць фестываль. Плануецца выступ Марыны Карман, якая распавядзе пра сучасны стрыт-арт і мастацтва агулам; таксама будзе культуролаг Максім Жбанкоў з лекцыяй пра беларускую музыку. Магчыма, да нас далучацца яшчэ і прадстаўнікі Задзіночання Беларускіх Студэнтаў.

Яшчэ адна зона – пра мастацтва ў самым шырокім яго сэнсе. Там мы хочам зрабіць выставы і прамоцыі ад віцебскіх творцаў: Ліза Грышчук, Грэгар Гудкоў і іншыя, хто будзе гатоў далучыцца. Зараз у Віцебску з’яўляецца шмат творчых праектаў, завязаных менавіта на мастацтве і арце, якія робяцца моладдзю, якая проста не заспела “росквіт” нулявых. Таму вельмі хочацца пазнаёміць іх з дзеючымі асобамі тых часоў: плануем прыцягнуць да ўдзелу у гэткай “рэтраспектыве” Насцю Ганчарову, Лёшу Ліцвіна, Сашу Веледзімовіча.

Таксама будзе музычная пляцоўка: The Bright Insight, De Puta Madre Banda, Нагуаль, Nizkiz. Мы мяркуем, што музыка – аснова амаль любога фестывалю, таму чакаем, што такі лайн-ап зангажуе шмат людзей.

Пасля музычнай часткігасцей будзе чакаць кінапраграма: галоўны госць – Барыс Мікалайчык са сваім мастацка-дакументальным гонза-фільмам ад дуэта Risky Guys “Вакол Беларусі на роварах з маторамі”. Калі атрымаецца, будзе яшчэ і падборка анімацыі.

Таксама фестываль адчынены для дыджэяў, вулічных музыкаў. Ды і ўвогуле – калі хочацца далучыцца з любой ініцыятывай, якая ўпісваецца ў фармат “Картонкі” – далучайцеся, мы будзем вельмі ўсцешаныя!”

Вольга Бізікава, арганізатар “Добрай нагоды”, рэзюмуе і каментуе: “Мяркуючы па тым, колькі людзей наведала “нагоды”, я лічу, што гэта паказльнік яе карыснасці і важнасці. Думаю, з такім добрым вынікам мы зможам паўтарыць праект і па восені. Крута, што атрымалася дапамагчы шматлікім праектам, кагосьці проста натхніць і пазнаёміць з іншымі актывістамі. У будучыні хацелася б, адное што, зацікавіць і прыцягнуць на нашыя сустрэчы і прадстаўнікоў улады, каб яны бачылі, колькі імпэту ё ў звычайных жыхароў горада”.

Адна са сталых удзельніц сустрэч, Інга Багінска, дзячыць за сустрэчы: “З маёй кропкі погляду, галоўная станоўчая рыса “Добрай нагоды” – што гэта як кропка збору. Насамрэч, карысных людзей ё шмат, а тут ты можаш сабрацца, паслухаць іншых, зразумець, колькі ўсяго адбываецца і можа адбыцца з тваёй дапамогай. Гэта дапамагае структураванню ідэй”.

Яшчэ адна ўдзельніца, Алена Барыла, таксама адзначае: “Добрая нагода” стала магчымасцю для клубнага дома “Крылы надзеі” распавесці пра сябе, прадставіць шырокай грамадскасці, знайсці валанцёраў і сяброў праекта. Так што я вельмі ўдзячная, што такую магчымасць мы атрымалі”.

Яўгенія Пачэпка, каардынатарка Рэгіянальнага рэсурснага цэнтру, таксама распавяла пра супрацу з “Добрай нагодай” і камунікацыю з грамадскасцю ў агульным: “Я ўсё яшчэ бачу шмат хібаў і перспектываў у развіцці актывісцкага руху. Мы тут усе як каарганізатары нейкіх падзей , павінны перш за ўсё клапаціцца пра тое, каб інфармацыя даходзіла да як мага болей шырокага кола людзей. Звяртайце ўвагу на тое, што публікуюць вашы калегі ў сацсетках, і нават калі не ідзеце кудысьці самі – дашліце таму, каму абвестка можа быць цікавай. Ну а ўвогуле, асноўны мой пасыл – трэба рабіць і працаваць, а не размаўляць!”

На гэтай натхнёнай ноце і скончылася сустрэча-абмеркаванне. “Добрая нагода” працягне сваю працу восенню, а пакуль жадаем усіх не менш актыўнага лета!

Меткі:

Чытайце яшчэ