Віншаванне ад біскупа Алега Буткевіча на Каляды

Віншаванне са святам Божага Нараджэння ад біскупа Віцебскай дыяцэзіі каталіцкага касцёла Алега Буткевіча.
Перадкалядная прэс-канферэнцыя біскупа Алега Буткевіча ў Віцебску. Фота Сержука Серабро

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце, шаноўныя суайчыннікі!

“Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, Якім ёсць Хрыстос Госпад” (Лк 2,10-11). Нарадзіўся вам сёння Збаўца! У той далёкі ад нас час пасланец з неба абвесціў праўду, якая кранае кожнага чалавека: з намі ёсць Бог! “…Які быў і які прыходзіць, Усемагутны”! (пар. Ап.1,8).

Прысутнасць Бога можна параўнаць у нейкім сэнсе з наяўнасцю паветра. Яно не толькі дазваляе нам дыхаць, а гэта азначае – жыць, але і абараняе ад розных шкодных уплываў. Больш за тое, чалавек карыстаецца паветрам і ў сваёй дзейнасці, дзякуючы чаму не толькі жыве, але і арганізоўвае сваё жыццё. Аднак на гэтым аналогія заканчваецца. Бог чакае ад чалавека адказу, свядомага прыняцця Яго Любові. Менавіта таму “…слова сталася целам і пасялілася між намі”(Ян 1,14). Бог прыходзіць да нас як Чалавек, але таксама і праз чалавека: “…тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Мц 25,40). У гэтым заключаецца сэнс збаўлення, каб вярнуць нам поўную лучнасць з Богам, якую мы страцілі праз грэх, і дасягнуць вечнага жыцця.

Безумоўна ж, прыняць гэтую праўду мы можам толькі праз веру. Бо вера – гэта досвед нашых адносінаў з Богам, Які, напэўна, неаднойчы даваў нам адчуць сваю прысутнасць. Наколькі мы былі здольныя гэта заўважыць? Найпрасцей гэта зрабіць дзецям, больш шчырым і адкрытым на праўду. Таму Езус скажа ў свой час: ”…калі не навернецеся і не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае” (Мц 18,3). Ён сам прыходзіць у гэты свет як маленькае Дзіцё, каб паказаць, што не нясе з сабой нічога, што было б незразумелым ці немагчымым да прыняцця, чагосьці, чаго трэба баяцца.

Няхай Свята Божага Нараджэння стане для кожнага з Вас момантам новага адкрыцця Божай Любові, а Яго прысутнасць напоўніць Вашыя сэрцы святлом і супакоем, дапамагаючы пераадолець жыццёвыя цяжкасці! Радасці, дабрабыту, духоўнай раўнавагі і Божага бласлаўлення на гэты час і на новы 2019 год!

Са Святам!

via Catholicnews.by

Чытайце яшчэ