Сустрэча з Уладзімірам Арловым і Паўлам Татарніквавым адбылася ў Віцебску

У арт-цэнтры VZAP віцябляне змаглі сустрэцца з пісьменнікам Уладзімірам Арловым і мастаком Паўлам Татарнікавым.
Сустрэча з Уладзімірам Арловым і Паўлам Татарніквавым адбылася ў Віцебску. Фота Сабіны Радзько

Вядома, выстава Паўла Татарнікава змясціла толькі невялікую колькасць карцін, што сталіся ілюстрацыямі выдання “Айчына: маляўнічая гісторыя ад Рагнеды да Касцюшкі”. Для размяшчэння 280 прац, што ствараліся цягам 11 гадоў, не хапіла б і значна большай выставачнай залы. У творах мастака ювелірная графічная прамалёўка натуральным чынам спалучаецца з таямнічай смугою, што дазваляе кожнаму, хто пажадае, дамаляваць у сваім уяўленні вобраз эпохі і яе герояў.

Сустрэча з Уладзімірам Арловым і Паўлам Татарніквавым адбылася ў Віцебску. Фота Сабіны Радзько

Для Уладзіміра Арлова ў працы над гэтай кнігаю новым было тое, што пры напісанні часам даводзілася адмыслова арыентавацца на тэматыку выяў мастака-суаўтара.

Нягледзячы на тое, што першая частка “Айчыны” прэзентавалася ў Віцебску не першы раз, цікаўнасць да гэтага выдання не змяншаецца. Праўда, дадатковы наклад яшчэ не надрукаваны, так што набыць кнігу пакуль немагчыма.

Затое аўтары паабяцалі, што працяг будзе складацца не з адной, як раней меркавалася, а з дзвюх частак. Наступная ахопіць перыяд беларускай гісторыі “ад Агінскага да Багушэвіча” і, верагодна, будзе падрыхтаваная да выдання ў бліжэйшы год.

Сустрэча з Уладзімірам Арловым і Паўлам Татарніквавым адбылася ў Віцебску. Фота Сабіны Радзько

Уладзімір Арлоў прэзентаваў таксама фантасмагарычныя “Танцы над горадам” і зусім новы зборнік балад “Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань”, дзе аўтар праз вольнае абыходжанне з часам і прастораю лёгка вандруе па хвалях еўрапейскага культурнага ландшафту, нязменна вяртаючыся да роднай Беларусі, межы якой, паводле яго трапнага азначэння, лепш за любую зброю захаваюць мова і гістарычная памяць.

Прысутныя з задавальненнем паўдзельнічалі ў прапанаванай шаноўнымі гасцямі віктарыне і конкурсе на самае цікавае пытанне, атрымаўшы ў падарунак дыскі з аўдыёкнігамі, начытанымі Уладзімірам Арловым.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ