5 парадаў для жанчынаў, якія хочуць пачаць сваю справу, але не ведаюць як

У межах школы «Мова жанчынаў» у Новаполацку прайшла сустрэча з Карынай Сітнік, якая пераўтварыла сваё захапленне ў бізнес і арганізуе турыстычныя падарожжы.
У межах школы «Мова жанчынаў» у Новаполацку прайшла сустрэча з Карынай Сітнік. Фота Вольгі Быкоўскай

Карына Сітнік бізнесвумен, якая займаецца актыўным турызмам у Беларусі. Паходы, у тым ліку экалагічныя, для назірання за птушкамі, паздкі ў чарнобыльскую зону, сплавы на байдарках, паездкі на аграсядзібы на майстар-клас па выпячцы хлеба ці вырабу натуральнай касметыкі – гэта ўсё да яе і праекта «Паход у народ».

1 парада. Ідэя.

Знайдзіце тое, што вам цікава і на чым можна зарабіць, што можа быць цікавым і камерцыйна, параіла Карына.

Напрыклад, калі нехта гатуе смачна ежу, то гэта камусьці патрэбна. Калі нехта можа падабраць роварныя вандроўкі, то можна заняцца гэтым. Ці адкрыць сваю аграсядзібу.
«Усё, чым я займаюся, базуецца і на маіх уласных цікаўнасцях. Гэта не будзе працаваць, калі вы не зможаце распавесці пра вашу справу і запаліць людзей. «Што ў нас за сплаў? Ну сплаў...» Трэба, каб вам было цікава, каб вы гарэлі справай», - дадала яна.

Ёсць, канечне, і тое, што цікава выключна камерцыйна, але інакш складана выжываць.
Дарэчы, добрыя крыніцы натхнення ў такой важнай справе як выбар ідэі – сябры. Яны пахваляць і падкажуць, што добра атрымліваецца. Так у эксперта школы калісьці было з вандроўкамі.

2 парада. Веды

Пачынаючай прадпрымальніцы, ўпэўненая Карына Сітнік, варта ведаць:

  • як скласці базу кліентаў;
  • мінімальна бухгалтэрыю;
  • маркетынг (прасоўванне ў сацсетках, вядзенне сайтаў на WordPress).

3. Адказны бізнес

Варта ўкладацца ў тое месца, рэгіён, дзе працуеш, упэўнена Карына Сітнік.
Так, яна для працы на маршрутах наймае носьбітаў традыцый, мясцовых гідаў. «Я кажу ім, не трэба экскурсій, мы прагульваемся, вы распавядаеце, што робіце. Гэта для людзей нашмат больш цікава», - кажа госць «Мовы жанчынаў».

Яна заклікае ўцягваць мясцовых ва ўсе працэсы: заязджайце набываць ежу ў фермера, дапамагайце папулярызаваць добрыя аграсядзібы і г.д. «Я гляджу, мы сапраўды дапамаглі аграсядзібам, куды мы прывозілі турыстаў, яны развіваюцца», - дадала прадпрымальніца.

4. Беражлівы стартап

Справу можна адкрыць нават, калі грошаў амаль няма. Карына называе гэта беражлівым стартапам.

У якасці прыклада прыводзіць людзей, якія спрабавалі адкрыць аграсядзібу, грошаў пакуль не было, і яны адкрылі альтанку і запрашалі туды на абеды. І справа пайшла.

«Альтанка, дзе добра кормяць, добрая ежа, гасцінны гаспадар. Мы заязджалі туды пад'есці», - распавяла бізнесоўка.

5. Абапірайцеся на «сарафаннае радыё»

Шмат кліентаў прыходзяць, калі атрымліваюць пазітыўныя водгукі ад тых, хто ўжо быў у падарожжах. Карына нават лічыць, што ў нейкай ступені ў яе ствараецца клуб падарожжаў аднадумцаў.

«Яны з'ездзілі ў адно падарожжа, яшчэ адно, пачынаюць запытвацца: куды ў наступны раз? І едуць. Яны давяраюць, што ты не зробіш таго, што ім не спадабаецца, і раюць сябрам», - дадала яна.

Практычна кожная прапанова выклікала гарачы водгук ад удзельніцаў Школы. Спрачаліся, што яшчэ можа быць турыстычна цікавага ў Віцебскай вобласці, ці ёсць тут патрэбная інфраструктура, на чым можа быць пабудаваны бізнес і задавалі дадатковыя пытанні.

І яшчэ трохі цікавага ад Карыны Сітнік

Як прыйшла ў бізнес

«У мяне мама-прадпрымальнік. І мне заўсёды хацелася як яна. Я памятаю, што яна ў 9 раніцы піла каву дома, а не ішла на працу. Распараджалася сваім часам. Зразумела што, калі я адкрыла сваю справу, я стала толькі больш працаваць, я перастала адпачываць – то часу не хапае, то грошаў. І калі я пачынаю ў 9.30, то сканчаю значна пазней, чым я сканчала ў офісе. Але свабода прыняцця рашэнняў – гэта так цудоўна».

Першы кліент

«Канечне, я яе памятаю. Першая вандроўка была на прыгатаванне хлеба. Кліенткай была мая сяброўка Юля, якая дапамагала мне як ментарка, зараз яна заснавала суполку, якая дапамагае жанчынам-прапрымальніцам. Яна і сказала, я б паехала печы хлеб, і я падумала, трэба шукаць аграсядзібу».

Хто падарожнічае

«Сёння з намі ў падарожжы ідуць 70% гэта людзі 30-40 гадоў, якія недзе працуюць і няблага зарабляюць – IT, крэатыўныя асобы, рэжысёры, мастакі. Яны маюць хобі і гатовыя на гэтае хобі выдаткоўваць грошы. Яны, хутчэй за ўсё, ужо паглядзелі Еўропу і нешта яшчэ і зразумелі, што варта паглядзець і сваю краіну. Ім важна нешта карыснае даведацца пад час падарожжа».

Ці адрозніваецца «жаночы» бізнес ад «мужчынскага»

«Так, жаночы бізнес адрозніваецца ад мужчынскага. Цяжка, напрыклад, сумясціць дэкрэт з бізнесам. Калі вы прыходзіце з дзіцём, яно робіць нейкія гукі, але не настолькі каб ужо, а нядаўна жанчынаў з дзецьмі выгналі з каворгінгу, бо яны перашкаджалі працаваць».
«Адзін кліент неяк сказаў мне, што жанчыны не павінны цягаць байдаркі, а павінны пекчы пірагі. Кожны чалавек абірае, што рабіць, і я не ўяляю такую сітуацыю ў дачыненні да мужчыны. Напрыклад, што нельга яму адкрыць цырульню, ці нэйл-бар – вельмі рэнтабельны бізнес. У мужчынаў глядзяць галоўнае на заробак».

«І з партнёрамі такое бывае. Навошта заводзіць кантакты, калі ты маладая жанчына».

Школа «Мова жанчынаў» працуе у Новаполацку з канца 2018 года. Тэмы заняткаў – самыя шырокія: прысвечаныя ролі сучасных жанчын, абароне іх правоў, гендарным пытанням, грамадскаму актывізму. Асноўная задача – павялічэнне колькасці грамадскіх лідарак у рэгіёне. На сёння сярод удзельніцаў Школы ўжо каля 70 жанчынаў.

Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць

    Вы павінны увайсці каб каментаваць.

    Каб каментаваць увайдзіце з: