«Мова жанчынаў»: Для паспяховага змагання за свае правы жанчынам трэба яднацца

Як абараніць свае правы перад працадаўцам, калі і як выходзіць на пенсію, што далей будзе з дэкрэтам пра «дармаедаў», ці ёсць у Беларусі дыскрымінацыя па гендарнай прыкмеце, адказы на свае пытанні пачулі ўдзельніцы Школы «Мова жанчынаў» на сустрэчы па тэме «Права жанчыны на права».

Пяць парадаў жанчынам для абароны сваіх правоў

  1. Памятайце пра Канстытуцыю
    «Шмат якія правы ёсць у Канстытуцыі, але няма ў галіновым праве. Абараніць правы ў гэтай сітуацыі магчыма толькі, калі апеляваць да Канстытуцыі», - распавяла слухачам Школы юрыстка Марына Яфімава.
    Яна раіць ведаць свае правы з Асноўнага закону і карыстацца імі (напрыклад, арт.34 гарантуе атрыманне інфармацыі).
    «Вы не ўяўляеце, колькі разоў гэтая Канстытуцыя парушаецца!» - адзначае эксперт. Яна кажа, што часам трэба ўсяго толькі адзін чалавек, які знойдзе сілы і пройдзе шлях у змаганні супраць сістэмы, напрыклад, дзіцячай прымусовай працы.
    Гэтая інфармацыя знайшла гарачы водгук у слухачоў, разам прыгадалі выпадак з дзяўчынкай, якая загінула пад час прыборкі бульбы, спрачаліся, прапаноўвалі варыянты. Прагучалі і словы спачування настаўнікам, якія як бы і ўцягнутыя ў дзеянні сістэмы, вінаватыя, але не маюць выбару. Бачна было, што сабралася актыўная, зацікаўленая аўдыторыя, якая пра тэму чула з асабістага вопыту.
    «У Мінску са школьнікамі, якія павінны працаваць у школе, заключаюць адмысловыя дамовы, - згадзіўся адзін з удзельнікаў. - Гэтага ж можна дамагчыся і ў Новаполацку, трэба каб нехта заняўся».
  2. Спачатку не спяшайцеся
    Самае галоўнае правільна зразумець, хто правы парушыў: «роўны табе ці дзяржава», адзначыла юрыстка.
    «Калі блузка папсавалася пасля прання, і вы лічыце, што вінаваты прадавец ці вытворца, то трэба проста прыйсці і напісаць прэтэнзію. Калі правы парушыла дзяржава, то, хутчэй за ўсё, вам спачатку трэба будзе абскардзіць дзеянні чыноўніка ў ягонага кіраўніка. А ўжо калі вы не задаволеныя адказам кіраўніка, тады ідзіце ў суд», - адзначыла Марына Яфімава.
    Потым вырашыць, якая мэта: даказаць, што я правы, каб знялі кіраўніка? Варта параіцца з тым жа юрыстам на працы ці ў грамадскім аб'яднанні, каб не пачынаць бітваў, калі можа не хапіць сілаў. Такой бітвай можа стаць паход у суд, бо працэсы могуць зацягнуцца і прайграўшы бок аплочвае шмат якія расходы.
    Прагучалі асабістыя гісторыі, калі слухачкам Школы даводзілася сутыкацца з працай судоў. Сапраўды, справа гэта нялёгкая, якая, як адзначыла экспертка, можа з'есць усе фізічныя і эмацыйныя сілы.

  3. Потым спяшайцеся
    «Наша дзяржава вельмі добра абараняецца ад скаргаў на яе», - лічыць эксперт. Яна нагадала, што ў большасці выпадкаў на скаргу даецца толькі месяц, а гэта вельмі мала, калі казаць пра падрыхтоўку абгрунтаванага дакумента.
    А ў іншых выпадках тэрміны яшчэ меншыя: калі правы парушыў натарыус – 10 дзён, абскарджванне незаконнага затрымання – 3 сутак.

  4. Працадаўцу на дыскрымінацыі злавіць амаль нерэальна
    Адна з самых гарачых тэмаў, якую ўздымалі на працягу ўсёй дыскусіі, дыскрымінацыя пры прыёме на працу, напрыклад, па гендарнай ці ўзроставай прыкмеце. Праўда, юрысты паведамілі ўдзельніцам несуцяшальную навіну.
    «Напрыклад, вас не хочуць браць на працу, адмаўляючы праз узрост, каб з гэтым змагацца, трэба мець афіцыйную адмову, дзе будзе пра гэта напісана. Але ніхто вам такую паперу не дасць», - патлумачыў юрыст Генадзь Воранаў.
    Ён лічыць, што працадаўцу злавіць на падобных парушэннях практычна нерэальна.

  5. Беларусь рухаецца да ліквідацыі гендарнай няроўнасці
    Абодва юрысты прызналі, што крокі для Беларусь «прызнала, што праблема дыскрымінацыі па гендарнай прыкмеце існуе і паступова (павольна) яе вырашае». Прычым сёння, часта дыскрымінуюць і мужчынаў.
    Ёсць і крокі супраць хатняга гвалту, створаныя адмысловыя прытулкі, пра якія мала хто ведае. «Існуюць стэрэапыпы: б'е, значыцца, любіць. Таму ў суд не звяртаюцца», - адзначыла Яфімава.
    Яна заклікала жанчынаў не быць абыякавымі. «Калі пойдзеш ты, пойдуць і іншыя. Трэба ісці і абараняць свае правы. Бывае так, што абарона аднаго маленькага чалавека вырашае вялікую грамадскую праблему», - падкрэсліла юрыстка.
    Як падтрымалі і ўдзельніцы школы, шмат хто казаў пра карысць сустрэчы з юрыстамі, абмеркавання падобных праблемаў і адстойвання сваіх інтарэсаў і правоў. Па ўзроўню зацікаўленасці на працягу сустрэчы і цёплых словаў, якія прагучалі ў адрас экспертаў, было зразумела, што падобныя сустрэчы выклікаюць жывы інтарэс і патрэбныя наваполацкім актывісткам.

    За свае правы трэба змагацца разам

«Не бойцеся ворагаў, адзінае, што яны могуць, гэта забіць вас. Не бойцеся сяброў, адзінае, што яны могуць зрабіць, гэта здрадзіць вам, бойцеся абыякавых, яны не зробяць нічога ні ў той, ні ў той сітуацыі. Не будзьце раўнадушнымі», - падкрэсліла на завяршэнне Марына Яфімава.

Яна заклікала змагацца з несправядлівасцю, праявамі гвалту не толькі дома, але і на працы, быць сярод жанчынаў-лідарак, якія прымаюць рашэнні, не маўчаць, не згаджаюцца.

«Калі вы робіце маленькі крок, каб абараніць свае правы, не прымаеце несправядлівасць, гэта можа наблізіць той момант, калі Беларусь стане сапраўды моцнай і квітнеючай краінай», - дадаў Генадзь Воранаў.

Экспертаў падтрымалі і арганізатаркі школы. «Мэтай гэтай сустрэчы было ўзбудзіць цікаўнасць да абароны сваіх правоў, і гэтая мэта дасягнутая. Правы ёсць, трэба пераадолець страх, пра іх ведаць і за іх змагацца, верыць у сябе», - адзначыла Таццяна Трафімава.

«Калі ў вас будуць праблемы, то звяртайцеся, мы павінны падтрымліваць адна адну», - заключыла Вольга Дамаскіна.

Школа «Мова жанчынаў» працуе у Новаполацку з канца 2018 года. Тэмы заняткаў – самыя разнастайныя: прысвечаныя ролі сучасных жанчын, абароне іх правоў, гендарным пытанням, грамадскаму актывізму. Асноўная задача – павялічэнне колькасці грамадскіх лідарак у рэгіёне. На сёння сярод удзельніцаў Школы ўжо каля 70 жанчынаў.

Меткі: ,

Падобнае

    Каментаваць

    Вы павінны увайсці каб каментаваць.

    Каб каментаваць увайдзіце з: