У Польшчы памёр ксёндз Анджэй Возьняк, які 13 гадоў адслужыў у Паставах

Адышоў у вечнасць былы пробашч пастаўскай парафіі святога Антонія Падуанскага і дэкан Пастаўскі ксёндз Анджэй Возьняк.
Rсёндз-пробашч Анджэй Возьняк пад час каляднай службы ў снежні 2014 года. Фота Сержука Серабро

За час яго душпастырства (з 2003 па 2016 гады) касцёл не толькі прыдбаў вялікую колькасць новых вернікаў, але і ўсталяваўся ў якасці трывалага духоўна-культурнага асяродку ў рэгіёне. З ініцыятывы ксяндза Анджэя парафія штогод ладзіла разнастайныя мерапрыемствы: Крыжовы шлях па вуліцах горада, свята дажынак, Дзень Перамогі, Дзень настаўніка і шматлікія іншыя. Паўразбураны будынак завода “Беліт” пасля рамонту стаў базай для кругласутачнага аздараўленчага летніка. Запрацавала сталоўка для бедных з магчымасцю атрымання бясплатнага абеду.

Ксёндз Анджэй Возьняк запомніўся пастаўчанам шчырай цеплынёй у стасунках з людзьмі і ўменнем арганізаваць жыццё парафіі так, каб яна стала вялікай сям’ёй, дзе кожны адчувае сябе патрэбным і, у сваю чаргу, заўсёды атрымае дапамогу і падтрымку.

У апошні час святар служыў пробашчам парафіі Антонія Падуанскага ў польскай Стопніцы (Келецкая дыяцэзія). Яму было толькі 56 гадоў.

Ксёндз Анджэй пакінуў па сабе светлую памяць і плён незлічоных добрых спраў, здзейсненых з верай у Бога і любоўю да бліжніх.

Вечны адпачынак дай яму, Пане…

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ